тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
11.11.2023

О нас пишут

О на пишут

Семейные династии — надежная основа ОАО «Прудинки» Верхнедвинского района

Магістр з Прудзінак

Хрыбет верхнядзвінскай гаспадаркі, або, як любяць гаварыць, падмурак, складвае мясцовы люд і ў прыватнасці сямейныя дынастыі

Прыехаўшы ў камандзіроўку ў Верхнядзвінскі раён, першым чынам заглянуў ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. У прыёмнай замест прывітання ашаламіла навіной яшчэ даволі малажавая і тактоўная жанчына, інспектар па кадрах Валянціна:

— А ў нас у адной з гаспадарак цяпер ёсць свой магістр!

— Шуткуеце?! — вырвалася само сабой.

— Якія жарты? — пакрыўдзілася яна. — Загляніце у ААТ «Прудзінкі» і бачыце яго на свае вочы.

За доўгія гады работы ў журналістыцы, а бываў я ў сотнях сельгаскааператываў, ні ў водным яшчэ не стрэў магістра.

Каб не марудзіць час, падаўся ў тыя Прудзінкі, куды ездзіў неаднойчы, і на гэта былі важкія прычыны. Сельгаскааператыў, пасля ператвораны ў акцыянернае таварыства, біў рэкорды па ўраджайнасці зерневых, спаборнічаючы на роўных хіба што з суседнім ААТ «Шайцерава», збіраючы па 50-60 цэнтнераў на круг. 

 У адным з першых у раёне і вобласці для аблягчэння працы аператараў устанавілі на малочна-таварных комплексах даільныя залы, узвялі буйнейшы сартавальна-сушыльны комплекс, які забяспечвае насеннем не толькі свой раён, але і многія ў вобласці. Вырас цэлы гарадок з катэджаў для членаў таварыства. І ўсё гэта пад кіраўніцтвам Васіля Красніка — энергічнага і вельмі талковага гаспадара, які амаль за сорак год дырэктарства толькі ў апошнія пару схадзіў ў адпачынак, а ад санаторыяў і наогул адцураўся. Узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць».

Другі кандыдат на магістра — правая рука Красніка, галоўны аграном гаспадаркі Віктар Курыкша. Сам з Верхнедзвіншчыны, малады, апантаны да сваёй прафесіі, іншага слова і падабраць цяжка. Капаецца ў зямлі, не раўнуючы, як той крот. Дзе які яе склад, бальнасць, колькі якому полю даць і якіх ўгнаенняў — яму не патрэбна запісная кніжка: усё ў галаве трымае. Першы раз і пазнаёміліся з ім ў полі, на якім было разбіта каля сарака дзялянак з рознымі сартамі зерневых: пшаніцай, трыцікале, ячменем. «Для чаго так шмат?» — пацікавіўся ў яго. Віктар з ахвотай патлумачыў: «Выявім, які больш здатны да нашай зямелькі, клімату. Які дасць большы ураджай!» Такія эксперыменты прыносяць свой плён. Праўда, для іх правядзення не абыйдзешся без удасканальвання агранамічных ведаў, без сяброўства з навукай.

Кантора ААТ «Прудзінкі» размесцілася на другім паверсе будынку, ўпрытык ля малочна-таварнага комплексу. У кабінетах былі адны жанчыны. Запытаў паўжартам:

— А дзе прапаў ваш магістр? Жанчыны няўцямна пераглянуліся. Першай адазвалася інспектар па кадрах Наталля Юрэвіч:

— Гэта вы пра нашага Аляксея Лапкоўскага, начальніка аддзела па эксплуатацыі машын і абсталявання? І не прапаў ён. Хлопец адказны. Быў раніцой на планёрцы. Цяпер, відаць, у майстэрні чаруе над тэхнікай.

Спакваля высветлілася, што Аляксей — са знатнай у гаспадарцы дынастыі Лапкоўскіх. Бацька Уладзімір — вядомы ў вобласці і рэспубліцы камбайнер. Неаднаразовы удзельнік абласных і рэспубліканскіх «Дажынак», атрымаў за рэкордныя намалоты зерня з рук Прэзідэнта ключы ад машыны. Узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць».

Маці Вольга — памочнік брыгадзіра, старанная, не адступіцца, пакуль не выканае пастаўленую перад ёй задачу. Сам Аляксей Лапкоўскі з дзяцінства не проста захапляецца тэхнікай, а ўлюбёны ў яе. Паспеў яшчэ пасля школы папрацаваць і памочнікам камбайнера, і вадзіцелем бензавоза. Не спыніўся на дыпломе Горацкай сельгасаакадэміі, падаўся там жа далей працягваць вучобу завочна, здаўшы ў выніку экзамен на магістра. Між іншым, з сямнаццаці прэтэндэнтаў гэта ўдалося толькі дваім. Адслужыў год у арміі.

Маючы на руках такія «коркі», не шукаў нідзе работы, акрамя родных Прудзінак. Разам з галоўным інжынерам Уладзімірам Леднікам у мінулым годзе стварылі невялікую сенсацыю: перамаглі ў конкурсе на лепшы машынны двор, не затрачваючы на гэта вялікіх сродкаў. Быў праведзены нават на іх базе абласны семінар па ўкараненню перадавога вопыту. А пераймаць ёсць што. Напрыклад, па даўгалеццю тэхнікі: МТЗ-3022 спраўна служыць на палях акцыянернага таварыства 12 год...

Сакрэт раскрыў сам Аляксей:

— Сочым за тэхнікай, не раўнуючы, як доктар за пацыентам. Любую няспраўнасць, як толькі выяўляецца, выпраўляем. Гаворкі няма, каб прапусціць чарговы тэхагляд: замяніць масла, фільтры. Вядома, і на тэхагляд, і на цякучы рамонт патрэбен час. Асабліва калі паляцела якая дэфіцытная запчастка і даводзіцца ехаць за ёй у Верхнедзвінск, а мо і далей. Аднак у нас заўсёды ёсць у запасе спраўныя трактары: спыніўся па якой-небудзь прычыне на полі адзін, на змену яму тут жа прыходзіць другі.

На пытанне, што дае званне магістра — гонар, лішні рубель да зарплаты, Аляксей сціпла рэагуе:

— На зарплату гэта ніяк не ўплывае.

І справа не ў званні, хаця прыдае нейкія дадатковя сілы, упэўненасць. Мне проста хацелася і хочацца глыбей пазнаць сваю справу, прафесію...

Дапамагчы як можна болей гаспадарцы, людзям. І не толькі ў полі. На тых жа жывёлагадоўчых фермах, комплексах цяпер столькі механізмаў, замяняючых ручную працу! І ніяк нельга дапусціць іх паломак, прастою. Бо на гэтэй зямлі я нарадзіўся, вывучыўся, тут шчыруюць бацькі.

Дынастыя Лапкоўскіх — далёка не адзіная ў Прудзінках. Старшыня прафкома Аляксандра Ананчанка называе таксама Даніловічаў, Ганчарэнка, Юрэвічаў, Ядрэўскіх, Зубрыцкіх...

Знаёмімся з некаторымі з іх. Старэйшы з дынастыі Даніловічаў Сяргей:

— Сам я мясцовы, з вёскі Кавалеўшчына. У механізатарах чвэрць веку. Не шкадую, што выбраў такі шлях. І сын Віктар таксама пайшоў па маёй сцяжынцы. Рады за яго.

Віктар з добрымі адзнакамі скончыў Гарадоцкі прафтэхліцэй, вярнуўся на малую радзіму. Кіраўніцтва гаспадаркі неўзабаве даверыла яму новы трактар МТЗ-1221. Менавіта на ім сёлетняй вясенняй пасяўной Віктар стаў пераможцам сярод маладых механізатараў. З роднай зямлёй звязала свой лёс і жонка Віктара — аграном-насенневод Анастасія.

Ледзь не з пачатку гісторыі гаспадаркі ідзе дынастыя Ананчанкаўгалоўнага эканаміста Аляксандры і яе мужа, механізатара Барыса. Яе свёкар у свой час быў перадавым трактарыстам, а свякроўка — загадчыцай фермы.

 І нарэшце, не сенсацыя нават, а заканамернае: прадстаўнікі яшчэ адной дынастыі — Юрэвічаў. Гэта Алена з мужам Вадзімам і дачкой Аняй (цяпер Сяткоўскія) перамаглі ў 2021 годзе ў абласным конкурсе «Уладар сяла» і сталі сярэбранымі прызёрамі ў гэтых жа спаборніцтвах на рэспубліцы. Самі будуюць свой дом. А гэта значыць, што дынастыя Юрэвічаў будзе мець працяг.

З усяго сказанага вышэй бачна, што хрыбет ААТ «Прудзінкі», або, як любяць гаварыць, падмурак, складвае мясцовы люд. І у прыватнасці дынастыі. Не грэх тут упамянуць, што Васіль Краснік, які ўзначальвае калектыў амаль чатыры дзесяцігоддзі, сам з такой жа сям'і.

Яго бацька, Аляксей Дзмітрыевіч, трэць веку адпрацаваў ветэрынарам. Віцебскі ветэрынарны інстытут (цяпер акадэмія) скончыў і Васіль Краснік. І ўсё рабіў і робіць для таго, каб сяляне, моладзь, заставаліся на зямлі, сваёй малой радзіме. З самага свайго прызначэння і да цяперашняга займаецца будаўніцтвам гаспадарчых аб'ектаў і жылля для вяскоўцаў. Сёння ў гаспадарцы 1000 кароў. Надой малака на кожную дасягнуў 5200 кілаграмаў. Імкненне на наступны год — шасцітысячны рубеж. Выручка ад малочнай прадукцыі — 60 працэнтаў. Грошы ад збажыны, малака ідуць на жыллёвае будаўніцтва, сацыяльныя аб'екты. Узведзена 40 катэджаў. Засялілі іх маладыя работнікі, спецыялісты, шматдзетныя сем'і.

Жывёлагадоўчыя комплексы і жыллё, прыдатнае для работнікаў, ёсць ці не ў кожным аграгарадку. Але далёка не ўсюды, як у Прудзінках, застаецца моладзь на сваёй малой радзіме. Ідуць вучыцца ў сярэднія, вышэйшыя навучальныя ўстановы і вяртаюцца дадому. Далёка не апошнюю ролю адыгрываюць у гэтым сямейныя дынастыі.

Владимир САУЛИЧ.
saulich@bk.ru

Фота аўтара і з архіва ААТ «Прудзінкі».
Источник – сайт «Сельской газеты» от.11.11.2023 г.

СМИ

Віктар КУРЫКША.

СМИ

Аляксей ЛАПКОЎСКІ.

СМИ

Сям’я ДАНІЛОВІЧАЎ.

СМИ

Барыс АНАНЧАНКАЎ з сынам.

СМИ

Алена СЯТКОЎСКАЯ з дачкой Аняй.