тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
11.10.2022

О нас пишут

О на пишут

Доктар эканамічных навук, прафесар, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ларыса Пакуш: «Дзе нарадзіўся, там павінен жыць, працаваць і мацаваць родную краіну»

Выпускніца эканамічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Ларыса Уладзіміраўна ПАКУШ – асоба вядомая ў нашай краіне. Працоўную дзейнасць пачынала ў роднай альма-матар. Скончыла аспірантуру і абараніла кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную абгрунтаванню аптымальнай структуры зерневай вытворчасці ў гаспадарках Віцебшчыны. Доўгія гады ў сельгаспрадпрыемствах Талачынскага і некаторых іншых раёнаў вобласці прытрымліваліся гэтых навуковых рэкамендацый і атрымлівалі эканамічны эфект.

Арганізатарскія здольнасці Ларысы Уладзіміраўны, яе творчая індывідуальнасць як вучонага ярка раскрыліся на ідэалагічнай рабоце ў Горацкім райкаме і Магілёўскім абкаме партыі, а таксама калі яна была Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом нашай краіны ў Рэспубліцы Казахстан. За час дыпламатычнай службы яна распрацавала канцэптуальныя падыходы па ўдасканальванні гандлёва-эканамічных беларуска-казахстанскіх адносін і механізмы іх рэалізацыі і абараніла доктарскую дысертацыю.

Пасля вяртання ў Беларусь Ларыса Пакуш працавала ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, БДАТУ. Зараз выкладае ў Белдзяржсельгасакадэміі і ўзначальвае савет па абароне дысертацый, рэдагуе акадэмічны часопіс «Праблемы эканомікі», з'яўляецца членам рэдкалегіі навукова-метадычнага часопіса «Веснік Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя А. Куляшова».

Навуковая і грамадская дзейнасць вучонай і дыпламата адзначана ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Адміністрацыі Прэзідэнта, міністэрстваў замежных спраў, сельскай гаспадаркі і харчавання, адукацыі, Магілёўскага аблвыканкама, нагрудным знакам Нацыянальнай акадэміі навук, сямю медалямі і ордэнам «Достык» ІІ ступені Рэспублікі Казахстан.

Мінулае робіць нас такімі, якія мы ёсць. Кожны момант жыцця – ад імгнення, з якога памятаеш сябе, – складае наша мінулае. Для Ларысы Уладзіміраўны Пакуш гэты адлік пачаўся з далёкага пасляваеннага дзяцінства. З бацькамі – удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны яна цягніком праязджала праз Кіеў. Час быў цяжкі, паўсюль панавала разруха. Бацькі вырашылі пачаставаць любімую дачушку пірожным, але яна запярэчыла і папрасіла купіць хлеба.

– З дзяцінства прывучана цаніць яго. Жылі мы не бедна, хлеб заўжды быў на нашым стале. З вялікай павагай да яго адносіліся. І сёння, як пачую па радыё ці тэлебачанні песню пра хлеб, што ён усяму галава, не стрымліваюся і плачу. Хлеб для мяне – святы. Ніколі ён лёгка не даваўся. Нават цяпер, калі на палях сучасная тэхніка, праца хлебароба ў вялікай пашане.

– Вашы карані адкуль бяруць пачатак?

– Маці Любоў Антонаўна з горацкай вёскі Рэкаткі. Нашы продкі – звычайныя вясковыя людзі. Працавалі на зямлі, вырошчвалі хлеб, дзяцей выхоўвалі, жылі сялянскімі справамі. Бацька Уладзімір Пятровіч Шарыкін родам з Арлоўскай вобласці, ён з рабочай сям'і. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны пайшоў на фронт. На танку Т-34 стрымліваў наступленні фашысцкіх войск пад Масквой. Зямля гарэла пад нагамі, плавіўся метал баявых машын у баталіях Ржэўска-Вяземскай ваеннай аперацыі, па-майстэрску адлюстраванай у вядомым кінафільме «Т-34». У адным з такіх баёў ён атрымаў цяжкае раненне. Лячыўся ў тылавым шпіталі. Там яму спадабалася маладзенькая медсястра. У шпіталь яна таксама трапіла з раненнем на полі боя пада Ржэвам. Дыплом медсястры атрымала 21 чэрвеня 1941 года, а назаўтра, пасля вераломнага нападу гітлераўскіх войск, адправілася на прызыўны пункт у Оршы. Адтуль адразу трапіла на фронт. Захапленне маладога танкіста і медсястры перарасло ў каханне. Далей па жыцці яны крочылі разам.

Пасля выпіскі са шпіталя бацька ўдзельнічаў у Сталінградскай бітве. На подступах да Волгі на танку гнаў ворагаў на захад. Потым былі ўкраінскія гарады Чугуеў, Данецк, Арцём. Бацька служыў у ваеннай камендатуры аўстрыйскай сталіцы Вены.

У мірны час, як сям'я ваеннага, часта мянялі месца жыхарства. З тых далёкіх пасляваенных вандровак памятаю, што абавязкова з сабою вазілі вялікую франтавую металічную кружку. Маці ў ёй варыла адну бульбіну для мяне. Усюды, куды мы пераязджалі, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, сярод лю­дзей панавалі ажыўленне, энтузіязм. Аднаўляліся спаленыя ворагам гарады і вёскі. Застаўся ў памяці і момант, калі бачыла пленных немцаў, што працавалі на будоўлях.

Атэстат з сярэбраным медалём атрымала ў рускай сярэдняй школе №36 Алма-Аты. Там вучыліся школьнікі розных нацыянальнасцей. Жылі дружна, сябравалі, займаліся ў гуртках. Ганарылася сваімі бацькамі-франтавікамі. Няма ўжо іх. У школьны музей перадала дарагія майму сэрцу рэліквіі: бацькаў вайсковы шынель, кабуру, планшэт. Ваенную службу ён закончыў палкоўнікам. Быў у вышэйшым камандным саставе.

– Цікавіліся ў бацькоў пра іх франтавое мінулае?

– Перажытае за вайну не любілі ўзгадваць. Цяжка на сэрцы было ад страты сваякоў, баявых сяброў. Шмат давялося перажыць самім. Неаднойчы бацька рызыкаваў жыццём, асабліва ў баях пада Ржэвам, калі абаранялі Маскву ад фашыстаў. Для мяне гэтыя мясціны святыя. Неаднаразова ездзіла пакланіцца мужным героям, што аддалі жыцці ў баях з ворагам падчас Ржэўска-Вяземскай ваеннай аперацыі. Арганізавала паездку выкладчыкаў эканамічнага факультэта Белдзяржсельгасакадэміі. Спадзяюся, і са студэнтамі пабываем там. Гэта найлепшы ўрок для моладзі.

У Год гістарычнай памяці ў сельгасакадэміі ладзіцца шмат патрыятычных мерапрыемстваў. У нашым музеі багата эксклюзіўных матэрыялаў, якія сведчаць пра мужнасць і гераізм студэнтаў і выкладчыкаў у гады Вялікай Айчыннай. 23 чэрвеня 1943 года першая група студэнтак, якія атрымалі кваліфікацыю медсясцёр, адправілася на фронт. Іх імёны залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю сельгасакадэміі: Паліна Буранкова, Ганна Балакірава, Ганна Бандарэнка, Еўдакія Васільева, Галіна Гульбіс, Надзея Дамброўская, Яўгенія Ягунова, Кацярына Інтарынава, Марыя Ласкава, Ніна Серабракова, Вера Юркова. За імі пайшлі іншыя. У студгарадку ўсталяваны манумент: скульптурныя фігуры студэнта, выкладчыка і рабочага са зброяй у руках. Побач з мемарыялам 42 гады таму франтавікі высадзілі алею. Дрэвы высока ўзняліся.

– Ларыса Уладзіміраўна, у акадэміі якая ўвага надаецца ідэалагічнаму выхаванню моладзі?

– Акрамя прафесійных ведаў, будучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі павінны арыентавацца ў грамадска-палітычным жыцці. Ідэалагічна-выхаваўчую работу ў навучальных установах павінны весці высокаадукаваныя спецыялісты, сапраўдныя патрыёты. Каб душа кожнага з іх ляжала да даручанай справы. Гэты занятак патрабуе глыбокіх ведаў. Ідэалогія — гэта ў першую чаргу пра любоў да сваіх родных, свайго дома, усяго таго, што табе люба і дорага. Дзе пануе адзінства, там заканамерны і поспех. На лекцыях гэтаму заўжды надаю ўвагу, прыводжу яскравыя прыклады пра адданасць Радзіме, патрыятызм.

– Як выхаваць такія якасці ў маладых, захапіць іх?

– Трэба ў першую чаргу выкладчыку самому мець трывалыя веды і вопыт. У студэнтаў экфака чытаю курс лекцый па асновах дыпламатыі. Да кожнай лекцыі рыхтуюся грунтоўна і адчуваю зацікаўленасць аўдыторыі. Тэарэтычны матэрыял замацоўваю прыкладамі са сваёй дзейнасці. Дзялюся практычным вопытам работы Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом нашай краіны ў Казахстане. Дзялюся з імі такім, што ні ў адным падручніку не адшукаць.

– А што вас, дачку ваеннага, прывяло ў Беларускую сельгасакадэмію?

У юнацтве марыла стаць фізікам-ядзершчыкам. У той час гэта была адна з самых прэстыжных прафесій. У старэйшых класах узмоцнена займалася матэматыкай і фізікай. На алімпіядах па гэтых прадметах сярод алма-ацінскіх школьнікаў займала прызавыя месцы. Калі бацькі даведаліся пра мой намер, катэгарэчна запярэчылі. Дзядзька па лініі маці Віктар Антонавіч Дзмітрыеў скончыў Беларускую сельгасакадэмію і параіў паступаць туды. У той час папулярны быў савецкі фільм пра галоўнага агранома і дырэктара саўгаса. Кіно так захапіла мяне, што канчаткова вырашыла падаць дакументы на экфак сельгасакадэміі. Родныя ўгаворвалі паступаць у Томск ці Новасібірск, а я цвёрда вырашыла: толькі ў Горкі. Паспяхова сдала ўступныя экзамены і стала студэнткай. З першага курса захапіла вучоба. Займалася ў навуковых студэнцкіх гуртках, у самадзейнасці. Любіла на вучэбнай ферме карміць і чысціць кароў.

А пра каханне не забываліся?

– Гэта пачуццё ўспыхнула найбольш ярка на старэйшых курсах. Вучыцца ў акадэміі і не закахацца было немагчыма. Студэнцкі гарадок заўжды бурліць жыццём. Па вечарах на танцпляцоўцы весяліліся пад гармонік. Вясною галаву кружыў водар квітнеючых чаромхі і бэзу. Канечне, хапала паклоннікаў. Дагэтуль помніцца і першае спатканне. Але, як кажуць, ад лёсу нікуды не ўцячэш. Маім мужам стаў малады выкладчык сельгасакадэміі Уладзімір Іванавіч Пакуш. Так атрымалася, што перад выпускным вечарам мне выпала запрашаць яго, як нашага педагога, на святкаванне. У зале мы з ім сядзелі за адным столікам, і закончылася ўсё гэта вяселлем.

Пасля заканчэння экфака два гады працавала на кафедры эканомікі. Прафесар Гарфінкель запрасіў на кафедру арганізацыі і кіравання сельгасвытворчасцю. Потым так сталася, што паступіла ў аспірантуру Ленінградскага сельгасінстытута і Беларускага інстытута сістэмных даследаванняў. Сябры параілі спыніць выбар на вучобе ў Беларусі. У нашай маладой сям'і нарадзіўся сын. Цяпер у яго свая сям'я. Іван скончыў ваеннае фінансавае вучылішча забеспячэння ўзброеных сіл. Служыў у арміі. Пасля развалу СССР вярнуўся ў Беларусь. У нас падрастаюць трое ўнукаў.

– Ваш працоўны стаж багаты на розныя віды дзейнасці. Пасля заканчэння экфака акадэміі працоўную дзейнасць пачыналі ў роднай альма-матар, потым вучоба ў аспірантуры, абарона кандыдацкай, педагагічная дзейнасць у вышэйшых навучальных установах, работа ў партыйных органах, дыпламатычная служба. Які з гэтых заняткаў вам больш па душы?

– Самая дарагая для майго сэрца – работа са студэнтамі. У макраэканоміцы ёсць навуковы тэрмін «сукупная прапанова». Графічна гэта адлюстроўваецца так: гарызанталь, потым вось мяняе кірунак і пераходзіць у вертыкаль. Калі графічна адлюстраваць мой працоўны стаж, то ён складаецца з трох частак: выкладанне ў вышэйшых навучальных установах, дзейнасць у партыйных органах Горацкага раёна і Магілёўскай вобласці і дыпламатычная работа ў Казахстане. Усё жыццё звязана з людзьмі. Навуковыя даследаванні для кандыдацкай дысертацыі распрацоўвала ў новасібірскім Інстытуце матэматыкі і эканомікі, якім кіраваў нобелеўскі лаўрэат Кантаровіч. У 26 гадоў кандыдацкую абараняла па самым сучасным для таго часу метадзе матэматычнага мадэліравання. Насычаным на важныя справы быў пасольскі перыяд. Цешуся тым, што шмат карыснага ўдалося зрабіць для нашай краіны.

Над доктарскай дысертацыяй працавалі ў час дыпламатычнай службы ў Казахстане. Што паслужыла асновай выбару навуковага даследавання?

Мяне, дыпламата, зацікавіла развіццё эканамічных адносін паміж нашымі краінамі. Гэтага патрабаваў час. Вырашыла заняцца вывучэннем канцэптуальных структур і механізмаў іх рэалізацыі. Пасада пасла патрабавала грунтоўных ведаў. У даследаванні асаблівую ўвагу надала развіццю прамысловай кааперацыі, разлічвала, чым наша рэспубліка можа зацікавіць казахскі рынак прамысловых тавараў. Прычым рабіла акцэнт менавіта на прамысловую кааперацыю, а не на гандаль. Не з сумкамі адзін да аднаго ездзіць, а ствараць агульную вытворчасць. Абараняла доктарскую дысертацыю ў казахстанскім Інстытуце эканомікі. У сваёй рабоце была абсалютна ўпэўнена. Апаніравалі на абароне вядомыя казахскія навукоўцы. Шмат часу аддала на гэта даследаванне. Раней апоўначы не завяршала працоўны дзень. Некаторыя да гэтага часу лічаць, што тыя кірункі дзейнасці паміж нашымі краінамі, якія даследаваны ў маёй доктарскай дысертацыі, рэальныя для ўвасаблення. Мае эканамічныя справаздачы як Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла дагэтуль выкарыстоўваюцца ў некаторых пасольствах. Яны глыбока і навукова абгрунтаваныя. За гады дзейнасці ў Казахстане таваразварот паміж нашымі краінамі вырас у дзесяць разоў. Гэтаму, безумоўна, садзейнічалі абставіны, але і мой удзел немалаважны. За час дыпламатычнай службы аб'ехала кожны рэгіён, цікавілася справамі, кантактамі, выступала сярод навукоўцаў, арганізоўвала сустрэчы дзелавых людзей. Па тры разы на год у Казахстан прыязджаў Кіраўнік нашай дзяржавы. Паспяховае развіццё атрымаў еўразійскі кірунак эканамічнай дзейнасці.

– У чалавека павінна быць шмат сяброў ці прыяцеляў?

– Мяне акружаюць у асноўным прыяцелі. Ніколі нікому не расказваю пра сямейнае жыццё, з чым не згодна. Лічу, што гэта асабістая справа кожнага. З сябрамі імкнуся не абмяркоўваць іншых.

– Ваша няздзейсненая мара?

– Павандраваць па прасторах Далёкага Усходу. У мяне была запланавана паездка ў гэты рэгіён, але засталася нерэалізаванай. У Расіі шмат дзе пабывала, а на Усход, далей за Байкал, не атрымалася трапіць.

Пасля дыпламатычнай службы вы вярнуліся да выкладчыцкай дзейнасці ў роднай альма-матар. Што новага ў вядучай вышэйшай аграрнай установе Беларусі?

Белдзяржсельгасакадэмія яшчэ і адна са старэйшых вышэйшых аграрных навучальных устаноў Еўропы. 180 гадоў запар тут атрымліваюць самыя розныя аграрныя спецыяльнасці. Дзяржава пастаянна ўкладвае значныя сродкі ў развіццё матэрыяльнай базы, навуковае аснашчэнне і сацыяльную сферу. Паўсталі новыя вучэбныя карпусы і інтэрнаты, цудоўнай архітэктуры Палац культуры. Унікальнасць акадэміі ў тым, што размешчана яна ў глыбінцы. Да студгарадка, які раскінуўся больш чым на паўсотні гектараў, падступаюць доследныя палі, сады.

На жаль, у апошнія гады ўпаў прэстыж многіх прафесій, і не толькі аграрных. Столькі вышэйшых навучальных устаноў у краіне не патрэбна. Неабходна скараціць колькасць навучэнцаў: атрымліваецца шырспажыў. А вось з-за таго, што не стае механізатараў і жывёлаводаў, наспявае вельмі вялікая праблема. Узнікае пытанне з кіруючымі кадрамі. Памятаю, калі працавала ў райкаме ці абкаме партыі, ведала пра рэзерв кадраў і магла ў любы момант сказаць, хто якую работу можа выконваць.

– Чым можна матываваць моладзь, каб заставалася працаваць на зямлі?

– Гэта сусветная праблема. Кожная краіна вырашае яе па-свойму. Трэба ствараць мабільныя групы: аграномаў, заатэхнікаў, інжынераў і накіроўваць іх у невялікія гаспадаркі па меры патрэбнасці.

Магістральны шлях аграрнай галіны ў нас правільны: інтэграцыя і далейшая кааперацыя. Наша сельская гаспадарка развіваецца ў патрэбным кірунку. Будучае за буйнымі сельгаспрадпрыемствамі. Аграрны сектар – асноўная фінансавая падушка бяспекі нашай краіны. Санкцыі, якія еўрапейцы прымяняюць супраць нас, толькі гартуюць дзейнасць. Канкурэнцыя ніколі не шкодзіць, а дае магчымасць самастойна развівацца. Прынамсі, прадукты харчавання ва ўсім свеце заўжды запатрабаваныя. Асабліва зараз гэта актуальна.

– Ларыса Уладзіміраўна, вашы самыя шчаслівыя дні ў жыцці?

– Калі нараджаліся ўнукі. Старэйшая Кацярына заканчвае вучобу ў Віцебскім дзяржмедуніверсітэце. А ўнукі-блізняткі Усевалад і Уладзімір яшчэ школьнікі. Мару, каб мае дзеці і ўнукі перанялі ад мяне любоў да Радзімы і патрыятызм. Гэта вельмі важна. Больш дарагога сэрцу месца, як радзіма, у чалавека на зямлі няма. Дзе нарадзіўся, там павінен жыць, працаваць і мацаваць родную краіну.

– Ваша любімая пара года?

– У прыроды няма дрэннага надвор'я. Любы час года па-свойму арыгінальны. Усё залежыць ад унутранага стану кожнага з нас. Для Пушкіна плённай была Болдзінская восень, а паэтаў-рамантыкаў больш натхняла вясна, калі ўсё ў прыродзе абуджаецца. Мая самая чаканая пара – вясна. Мо таму, што ў яе пачатку з'явілася на свет сямімесячнай. Грымела вайна. Нашы войскі толькі зламалі хрыбет ворагу пад Сталінградам. Маці расказвала, што тулілася яна са мною ў невялікім пакойчыку. Калысачкай для мяне была звычайная салдацкая тумбачка. У пераможным маі 1945-га мне ішоў трэці год. Маці ўзгадвала, што разам з дарослымі ў гэты святы дзень нешта радаснае шчабятала.

Ведаю, што вы даўні і пастаянны сябра нашага выдання. Што б вы пажадалі журналістам і чытачам «Сельской газеты»?

Чытачам – не забываць падпісацца на наступны год і далей чытаць нашу любімую газету. А тым, хто працуе ў рэдакцыі, – больш рыхтаваць аналітычных матэрыялаў і не забываць пра людзей працы, яны гэтага заслугоўваюць.

Уладзімір СУБАТ, «СГ», subbat50@mail.ru
Фото аўтара.

«Сельская газета» №117, от 08.10.2022 г.

Поздравление