тел/факс +375223378274
email: kancel@baa.by
Адрес: 213410,
Могилевская обл.,
г. Горки, ул. Мичурина, 5
Обратная связь
12.12.2018

Народныя таленты «Парнаса»

22 лістапада ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага адбылася творчая сустрэча, прысвечаная 65-годдзю народнага аматарскага літаратурнага аб’яднання «Парнас», з удзелам тэатра-студыі «Парадокс» і клуба творчай моладзі «Дэбют».

Літаратурнае аб’яднанне «Парнас» узнікла на базе сельскагаспадарчай акадэміі і выпусціла на літаратурны небасхіл шмат таленавітых зорак. З аб’яднаннем у розны час былі звязаны такія вядомыя ў нас людзі, як Нэлі Тулупава, Уладзімір Ліўшыц, Змітрок Марозаў, Леў Васільеў, Таіда Рэдказубава, Сяргей Кісялёў, Аляксей Багамолаў, Лідзія Андрэева і многія іншыя. Важным накірункам дзейнасці аб’яднання з’яўляецца выданне калектыўных і аўтарскіх зборнікаў, сярод якіх – «Акадэмічны вянок», які налічвае ўжо шэсць выпускаў. Таксама вялікае месца адводзіцца літаратурна-асветніцкай працы: правядзенню творчых літаратурна-музычных вечарын, прэзентацый кніг, сустрэч з паэтамі і пісьменнікамі.

Падчас мерапрыемства кіраўнік аб’яднання Андрэй Пугач пазнаёміў прысутных са слаўнай гісторыяй «Парнаса», расказаў пра яго былых і новых удзельнікаў. А творчая моладзь з тэатра-студыі «Парадокс» і клуба «Дэбют» на працягу мерапрыемства дэкламавала вершы аўтараў, лёс якіх у розны час быў звязаны з «Парнасам».

Гісторыя аб’яднання цесна звязана з гісторыяй БДСГА. Менавіта таму напачатку мерапрыемства прысутным быў прадэманстраваны відэаролік пра акадэмію. Гэта аказалася вельмі актуальным, бо сярод гасцей сустрэчы было шмат будучых абітурыентаў, якія яшчэ толькі задумваюцца пра выбар будучай «Альма-матар». Самі парнасаўцы адзначаюць, што рэктарат акадэміі аказвае добрую падтрымку «Парнасу», за што яго ўдзельнікі вельмі ўдзячныя і амаль у кожнага з іх можна знайсці прысвячэнне вузу.

Бліжэй пазнаёміцца з творчасцю ўдзельнікаў народнага аматарскага літаратурнага аб’яднання «Парнас» кожны жадаючы можа ў цэнтральнай бібліятэцы, дзе ёсць усе выпускі «Акадэмічнага вянка».